КАЛЬВІНІ́СЦКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы, якія ствараліся прыхільнікамі кальвінізму. На Беларусі існавалі ў 16—19 ст. У 1570-х г. — пач. 17 ст. існавалі ў Вільні, Віцебску, Глыбокім, Заслаўі, Магілёве, Мінску, Навагрудку, Оршы, Свіслачы, Смаргоні, Шклове і інш. Мелі розны ўзровень: ад ніжэйшых (пачатковыя, 6 гадоў навучання) да 5-класных вучылішчаў (10 гадоў навучання), якія давалі адукацыю, дастатковую каб паступіць ва ун-т; лепшыя выхаванцы атрымлівалі стыпендыі ва ун-тах Англіі і Германіі. Асаблівая ўвага аддавалася рэліг. навучанню і выхаванню, фіз. выхаванню; акрамя багаслоўя вывучаліся старагрэч., лац., бел., польская мовы, рыторыка, гісторыя, матэматыка, логіка і інш. У К. ш. выкарыстоўваліся элементы класна-ўрочнай сістэмы, гуманіст. падыходы ў арганізацыі навучання, ставілася мэта сфарміраваць у навучэнцаў крытычнае мысленне. Пасля паражэння Рэфармацыі ў сярэдзіне 17 ст. пратэстанцкія школы скарачаліся. К. ш. ў Слуцку (з 1617) толькі ў 1868 перайшла ў разрад урадавых навуч. устаноў.
В.С.Балбас.
т. 7, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)